Пражылі тры гады, і ня было вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.На трэці год Ёсафат, цар Юдэйскі, пайшоў да цара Ізраільскага.І сказаў цар Ізраільскі слугам сваім: ці ведаеце вы, што Рамот Галаадскі наш? а мы так доўга маўчым, і не бяром яго з рук цара Сірыйскага.І сказаў ён Ёсафату: ці пойдзеш ты са мною на вайну супроць Рамота Галаадскага? І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: як ты, так і я; як твой народ, так і мой народ; як твае коні, так і мае коні.І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.І сабраў цар Ізраільскі прарокаў каля чатырохсот чалавек і сказаў ім: ці ісьці мне вайною на Рамот Галаадскі, ці не? Яны сказалі: ідзі, Гасподзь аддасьць яго ў рукі цара.І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга, каб нам папытацца празь яго ў Госпада?І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна папытацца ў Госпада, але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое; гэта Міхей, сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы, цар, так.І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.Цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сядзеньні сваім, апранутыя ў царскае ўбраньне, на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Ханааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: гэтымі збораш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі, будзе посьпех, Гасподзь перадасьць яго ў руку цара.Пасланы, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, словы прарокаў адзінагалосна прадказваюць цару добрае; хай бы і тваё слова было сугалоснае са словам кожнага зь іх; скажы і ты добрае.І сказаў Міхей: жывы Гасподзь! я скажу тое, што скажа мне Гасподзь.І прыйшоў ён да цара. Цар сказаў яму: Міхей! ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не? І сказаў яму той: ідзі, будзе посьпех, Гасподзь аддасьць яго ў руку цара.І сказаў яму цар: яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада.І сказаў ён: я бачу ўсіх Ізраільцянаў, расьсеяных па гарах, як авечак, у якіх няма пастуха. І сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, няхай вяртаюцца зь мірам кожны ў дом свой.І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?І сказаў Міхей: выслухай слова Гасподняе: я бачыў Госпада на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго;і сказаў Гасподзь: хто схіліў бы Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш;і выступіў адзін дух, стаў перад абліччам Госпада і сказаў: я схілю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?Ён сказаў: я выйду і зраблюся духам ілжывым у вуснах усіх прарокаў ягоных. Гасподзь сказаў: ты схіліш яго і выканаеш гэта; ідзі і зрабі так.І вось цяпер дапусьціў Гасподзь духа ілжывага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх; але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны і, ударыўшы Міхея па шчацэ, сказаў: як, няўжо ад мяне адышоў Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?І сказаў Міхей: вось, ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з аднаго пакоя ў другі, каб схавацца.І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына царовага,і скажэце: так кажа цар: пасадзеце яго ў цямніцу і кармеце яго надгаладзь хлебам і надгаладзь вадою, пакуль я не вярнуся ў міры.І сказаў Міхей: калі вернешся ў міры, дык не Гасподзь гаварыў празь мяне. І сказаў: слухай, увесь народ!І пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень тваё царскае ўбраньне. І пераапрануўся цар Ізраільскі і ўступіў у бітву.Сірыйскі цар загадаў начальнікам калясьніц, якіх у яго было трыццаць два, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.Начальнікі калясьніц, убачыўшы Ёсафата, падумалі: мусіць, гэта цар Ізраільскі, і павярнулі на яго, каб біцца зь ім. І закрычаў Ёсафат.Начальнікі калясьніц, бачачы, што гэта ня Ізраільскі цар, павярнулі ад яго.А адзін чалавек выпадкова напяў лук і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён свайму калясьнічаму: павярні назад і вывезі мяне з войска, бо я паранены.Але бітва ў той дзень узмацнілася, і цар стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў, і ўвечары памёр, і кроў з раны лілася на калясьніцу.І абвешчана было па ўсім табары пры захадзе сонца: кожны ідзі ў свой горад, кожны ў сваю зямлю!І памёр цар і прывезены быў у Самарыю, і пахавалі цара ў Самарыі.І абмылі калясьніцу ў сажалцы Самарыйскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і абмывалі блудніцы, па слове Госпада, якое Ён сказаў.Астатнія дзеі Ахава, усё, што ён рабіў, і дом са слановай касьці, які ён пабудаваў, і ўсе гарады, якія ён будаваў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.І спачыў Ахаў з бацькамі сваімі, і зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.Ёсафат, сын Асы, зацараваў над Юдэяй ў чатырнаццаты год Ахава, цара Ізраільскага.Трыццаць пяць гадоў было Ёсафату, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіля.Ён хадзіў ва ўсім шляхам бацькі свайго Асы, ня сыходзіў зь яго, робячы справядлівае перад вачыма Гасподнімі. Толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях.Ёсафат заключыў мір з царом Ізраільскім.Астатнія дзеі Ёсафата і подзьвігі ягоныя, якія ён зьдзейсьніў, і як ён ваяваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.І рэшту блуднікаў, якія засталіся ў дні бацькі ягонага Асы, ён вынішчыў зь зямлі.У Ідумэі тады ня было цара; быў намесьнік царскі.Ёсафат зрабіў караблі на моры, каб хадзіць у Афір па золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Эцыён-Гавэры.Тады сказаў Ахозія, сын Ахаваў, Ёсафату: хай мае слугі пойдуць з тваімі слугамі на караблях. Але Ёсафат не згадзіўся.І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.Ахозія, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі, у - сямнаццаты год Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў над Ізраілем два гадыі рабіў ліхое перад вачыма Госпада, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй і шляхам Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх:ён служыў Ваалу і пакланяўся яму і ўгневаў Госпада Бога Ізраілевага ўсім тым, што рабіў бацька ягоны.