Біблія

Біблія — гэта ўнікальная кніга. Яна складаецца са Старога і Новага Запаветаў. Слова «Біблія» ў літаральным перакладзе з грэцкай мовы азначае «Кнігі». Запаветы замацавалі саюз паміж Богам і чалавекам.

На сёння Біблія — самая папулярная кніга свету. Яна мае найбольшую колькасць перакладаў і найбольшую колькасць выдадзеных экземпляраў. На канец 2016 года поўная Біблія была перакладзена на 636 моў, а Новы Запавет — на 1442 мовы.

Для беларусаў Першы друкаваны пераклад Бібліі на зразумелую простаму мясцоваму жыхару мову доктара Францішка Скарыны з’явіўся ў 1517 годзе — гэта восьмы друкаваны пераклад Святога Пісання ў свеце і другі сярод славянскіх народаў.

Біблія для дзяцей і людзей простых — навука, для настаўнікаў і людзей мудрых — здзіўленне. Яна — як дзівосная рака: і такая мелкая, што ягня перайсці можа, і такая глыбокая, што слон пераплываць яе мусіць. У гэтай кнізе ўсёй мудрасці пачатак і канец; праз яе Бог Усемагутны пазнаецца. У гэтай кнізе усе законы і правы для ўсякага справаваньня людскога запісаныя. У гэтай кнізе ўсе лекі для душы і цела.

Францыск Скарына