Давід уцёк з Навата ў Раме і прыйшоў і сказаў Ёнатану: што зрабіў я, у чым няпраўда мая, чым зграшыў я перад бацькам тваім, што ён шукае душы маёй?І сказаў яму Ёнатан: не, ты не памрэш; вось, бацька мой ня робіць ні большае, ні меншае дзеі, не адкрыўшы вушам маім; навошта ж бо бацьку майму хаваць ад мяне гэтую дзею? гэтага ня будзе.Давід прысягаў і казаў: бацька твой добра ведае, што я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, і таму гаворыць сам у Сабе: «хай ня ведае пра тое Ёнатан, каб не засмуціўся, але жывы Гасподзь і жывая душа твая! адзін толькі крок паміж мною і сьмерцю,»І сказаў Ёнатан Давіду: чаго жадае душа твая, я зраблю табе.І сказаў Давід Ёнатану: вось заўтра малады месяц, і я павінен сядзець з царом за сталом; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полі да вечара пасьлязаўтра.Калі бацька твой спытаецца пра мяне, ты скажы: Давід адпрасіўся ў мяне схадзіць у свой горад Віфляем, бо там гадавое ахвярапрынашэньне ўсяго роду ягонага.Калі на гэта ён скажа: «добра», дык мір рабу твайму; а калі ён угневаецца, дык ведай, што ліхое намысьліў ён.А ты зрабі міласьць рабу твайму, - бо ты прыняў раба твайго ў запавет Гасподні з табою, - і калі ёсьць якая віна на мне, дык забі ты мяне; навошта табе весьці мяне да бацькі твайго?І сказаў Ёнатан: ніяк ня будзе гэтага з табою; бо, калі я даведаюся напэўна, што ў бацькі майго намысьлена ліхое ўчыніць над табою, дык няўжо не паведамлю табе пра гэта?І сказаў Давід Ёнатану: хто паведаміць мне, калі бацька твой адкажа сурова?І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі, выйдзем у поле. І выйшлі абодва ў поле.І сказаў Ёнатан Давіду: жывы Гасподзь Бог Ізраілеў! я заўтра каля гэтага часу, альбо пасьлязаўтра, выпытаю ў бацькі майго; і калі ён добрым прыхільны да Давіда, і я тады не пашлю да цябе і не адкрыю перад вушамі тваімі,няхай тое і тое зробіць Гасподзь зь Ёнатанам і яшчэ болей зробіць. Калі ж бацька мой намышляе зрабіць табе ліхое, і гэта адкрыю ў вушы твае, і адпушчу цябе, і тады ідзі зь мірам: і хай будзе Гасподзь з табою, як бы з бацькам маім!Але і ты, калі я яшчэ буду жывы, зрабі мне міласьць Гасподнюю.А калі я памру, дык не адбяры міласьці тваёй ад дому майго вавек, нават і тады, калі Гасподзь зьнішчыць з улоньня зямлі ўсіх ворагаў Давідавых.Так заключыў Ёнатан запавет з домам Давіда і сказаў: хай спагоніць Гасподзь з ворагаў Давідавых!І зноў Ёнатан прысягаўся Давіду сваёй любоўю да яго, бо любіў яго, як сваю душу.І сказаў яму Ёнатан: заўтра малады месяц, і пра цябе спытаюць, бо месца тваё будзе не занятае;таму на трэці дзень ты спусьціся і пасьпяшайся на тое месца, дзе ты хаваўся раней, і сядзь каля каменя Азэль:а я ў той бок пушчу тры стралы, быццам страляючы па цэлі;потым пашлю хлопчыка, кажучы: «ідзі, знайдзі стрэлы»; і калі я скажу хлопчыку: «вось, стрэлы за табою, вазьмі іх», дык прыйдзі да мяне, бо мір табе, і, жывы Гасподзь, нічога табе ня будзе;а калі так скажу хлопчыку: «вось, стрэлы прад табою», дык ты сыдзі, бо адпускае цябе Гасподзь;а таму, што мы казалі, я і ты, сьведка Гасподзь паміж мною і табою навекі.І схаваўся Давід у полі. І настаў час маладзіка, і сеў цар абедаць.Цар сеў на сваім месцы, паводле звычаю, на сядзеньні каля сьцяны, і Ёнатан устаў, і Авэнір сеў каля Саўла; а месца Давідава засталася незанятае.І не сказаў Саўл у той дзень нічога, бо падумаў, што гэта выпадковасьць, што Давід нячысты, не ачысьціўся.Настаў і другі дзень маладзіка, а месца Давідава заставалася незанятае. Тады сказаў Саўл сыну свайму Ёнатану: чаму сын Ясэеў ня прыйшоў на абед ні ўчора, ні сёньня?І адказаў Ёнатан Саўлу: Давід адпрасіўся ў мяне ў Віфляем:ён казаў: «адпусьці мяне, бо ў нас у горадзе родавае ахвярапрынашэньне, і мой брат запрасіў мяне; дык вось, калі я знайшоў дабраславеньне ў вачах тваіх, схаджу я і пабачуся са сваімі братамі»; таму ён і ня прыйшоў на абед да цара.Тады моцна ўгневаўся Саўл на Ёнатана і сказаў яму: сыне нягодны і непакорлівы! хіба я ня ведаю, што ты сябраваўся з сынам Ясэевым на сорам сабе і на сорам маці тваёй!бо ўсе дні, пакуль сын Ясэеў будзе жыць на зямлі, ня ўстоіш ні ты, ні царства тваё; цяпер жа пашлі і прывядзі яго да мяне, бо ён асуджаны на сьмерць.І адказаў Ёнатан Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: за што забіваеш яго? што ён зрабіў?Тады Саўл кінуў дзіду ў яго, каб забіць яго. І Ёнатан зразумеў, што бацька ягоны рашыўся забіць Давіда.І ўстаў Ёнатан з-за стала ў вялікім гневе і не абедаў на другі дзень маладзіка, бо смуткаваў па Давідзе і таму што пакрыўдзіў яго бацька ягоны.На другі дзень раніцай выйшаў Ёнатан у поле, у час, назначаны Давіду, і малы хлопчык зь ім.І сказаў ён хлопчыку: бяжы, шукай стрэлы, якія я пускаю. Хлопчык пабег, а ён пускаў стрэлы так, што яны ляцелі далей хлопчыка.І пабег хлопчык туды, куды Ёнатан пускаў стрэлы, і закрычаў Ёнатан усьлед хлопчыку і сказаў: глядзі, страла перад табою.І зноў крычаў Ёнатан усьлед хлопчыку: хутчэй бяжы, ня спыняйся. І сабраў хлопчык Ёнатанаў стрэлы і прыйшоў да свайго гаспадара.А хлопчык ня ведаў нічога; толькі Ёнатан і Давід ведалі, што да чаго.І аддаў Ёнатан зброю сваю хлопчыку, які быў пры ім, і сказаў яму: ідзі, занясі ў горад.Хлопчык пайшоў, а Давід падняўся з паўднёвага боку і ўпаў тварам сваім на зямлю і тройчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей.І сказаў Ёнатан Давіду: ідзі зь мірам; а ў чым прысягалі мы абодва імем Госпада, кажучы: «Гасподзь хай будзе паміж мною і табою і паміж семем маім і семем тваім», тое хай будзе навекі.І ўстаў Давід і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.