І было ў Ёсафата многа багацьця і славы; і парадніўся ён з Ахавам.І пайшоў празь некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю; і закалоў дзеля яго Ахаў мноства быдла дробнага і буйнога, і дзеля людзей, якія былі зь ім, і схіляў яго ісьці на Рамот Галаадскі.І казаў Ахаў, цар Ізраільскі, Ёсафату, цару Юдэйскаму: ці пойдзеш са мною ў Рамот Галаадскі? Той сказаў Яму: як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ: іду з табою на вайну!І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.І сабраў цар Ізраільскі прарокаў чатырыста чалавек і сказаў ім: ці ісьці нам на Рамот Галаадскі вайною, ці ўстрымацца? Яны сказалі: ідзі і Бог перадасьць яго ў рукі цара.І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга? Спытаемся і ў яго.І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна спытацца ў Госпада; але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а пастаянна прарочыць благое; гэта Міхей сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы так, цару.І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.А цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сваім троне, апранутыя ў царскую вопратку; сядзелі на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Хэнааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: імі забадаеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі; будзе посьпех табе, і аддасьць яго Гасподзь у руку цара.Пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, прарокі аднагалосна прадказваюць добрае цару; хай бы і тваё слова было такое самае, як кожнага зь іх: скажы і ты добрае.І сказаў Міхей: жывы Гасподзь, - што скажа мне Бог мой, тое вымаўлю.І прыйшоў ён да цара, і сказаў яму цар: Міхей, ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці ўстрымацца? І сказаў той: ідзеце, будзе вам посьпех, і яны аддадзены будуць у рукі вашыя.І сказаў яму цар: колькі разоў мне заклінаць цябе, каб ты не гаварыў мне нічога, акрамя праўды, у імя Гасподняе?Тады Міхей сказаў: я бачыў усіх сыноў Ізраіля, расьсеяных па горах, як авечак, у якіх няма пастуха, - і сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, хай вернуцца кожны ў дом свой зь мірам.І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату, ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?І сказаў Міхей: дык выслухайце слова Гасподняе: я бачыў Госпада, Які сядзеў на троне Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч ад Яго.І сказаў Гасподзь: хто звабіў бы Ахава, цара Ізраільскага, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш.І выступіў адзін дух, і сказаў прад абліччам Госпада і сказаў: я зваблю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?Той сказаў: я выйду і буду духам падману ў вуснах усіх прарокаў ягоных. І сказаў Ён: ты звабіш яго, і пасьпееш; ідзі і зрабі так.І цяпер, вось папусьціў Гасподзь духа падману ўвайсьці ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны, і ўдарыў Міхея па шчацэ і сказаў: па якой гэта дарозе адышоў ад мяне Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?І сказаў Міхей: вось ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакоя ў пакой, каб схавацца.І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона начальніка горада і да Ёаса, сына цара,і скажэце: так кажа цар: пасадзеце гэтага ў цямніцу і кармеце яго хлебам і вадою мала, пакуль я не вярнуся ў міры.І сказаў Міхей: калі ты вернешся ў міры, дык мне Гасподзь гаворыць празь мяне. І сказаў: слухайце гэта, усе людзі,і пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень сваю царскую вопратку. І пераапрануўся цар Ізраільскі, і ўступілі ў бітву.І цар Сірыйскі загадаў начальнікам калясьніц, якія былі ў яго, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.І калі ўбачылі Ёсафата начальнікі калясьніц, дык падумалі: гэта цар Ізраільскі, - і акружылі яго, каб біцца зь ім. Але Ёсафат закрычаў, і Гасподзь памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.І калі ўбачылі начальнікі калясьніц, што гэта ня быў цар Ізраільскі, дык павярнулі ад яго.Тым часам адзін чалавек выпадкова нацягнуў лук свой, і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён калясьнічаму: павярні назад, і вязі мяне ад войска, бо я паранены.Але бітва таго дня ўзмацнілася і цар Ізраільскі стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў да вечара і памёр на захадзе сонца.