Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы - нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны - дзень у дзень абнаўляецца,бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае - часовае, а нябачнае - вечнае!