Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі - я сьведка:яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, - дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,як напісана: «хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто - мала, ня меў нястачы».Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.Што да Ціта, гэта - мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта - пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.