4 Царстваў, Кіраўнік 17

На дванаццатым годзе Ахаза, цара Юдэйскага, зацараваў Асія, сын Ілы, у Самарыі над Ізраілем і валадарыў дзевяць гадоў,і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, але ня так, як цары Ізраільскія, якія былі да яго.Супроць яго выступіў Салманасар, цар Асірыйскі, і зрабіўся Асія падуладны яму і даваў яму даніну.І заўважыў цар Асірыйскі ў Асіі здраду, бо ён пасылаў паслоў да Сігора, цара Егіпецкага, і не дастаўляў даніны цару Асірыйскаму кожны год; і ўзяў яго цар Асірыйскі пад варту, і ўвязьніў яго ў цямніцу.І пайшоў цар Асірыйскі на ўсю зямлю, і падступіўся да Самарыі, і трымаў яе ў аблозе тры гады.На дзявятым годзе Асіі ўзяў цар Асірыйскі Самарыю, і перасяліў Ізраільцян у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх.Калі пачалі грашыць сыны Ізраілевыя прад Госпадам Богам сваім, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і пачалі ўшаноўваць багоў іншых;і пачалі ўчыняць паводле звычаяў іншых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых, і паводле звычаяў цароў Ізраільскіх, як учынялі яны;і пачалі рабіць сыны Ізраілевыя дзеі незаўгодныя Госпаду Богу свайму, і зладзілі сабе вышыні ва ўсіх гарадах сваіх, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада;і паставілі ў сябе статуі і выявы Астартаў на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам;і пачалі там учыняць дымленьні на ўсіх вышынях, як тыя народы, якіх прагнаў ад іх Гасподзь, і рабілі благія дзеі, што гнявілі Госпада;і служылі ідалам, пра якіх казаў ім Гасподзь: не рабеце гэтага.Тады Гасподзь праз усіх прарокаў Сваіх, праз кожнага празорліўца перасьцерагаў Ізраіля і Юду, кажучы: вярнецеся зь ліхіх шляхоў вашых і захоўвайце наказы Мае, пастановы Мае па ўсім вучэньні, якое Я запавядаў бацькам вашым і якое Я выклаў вам праз рабоў Маіх, прарокаў.Але яны ня слухаліся і ўжарсьцьвілі шыю сваю, як была шыя бацькоў іхніх, якія ня верылі ў Госпада Бога свайгоі пагарджалі пастановамі Яго, і запаветам Ягоным, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і адкрыцьцямі Ягонымі, якімі Ён перасьцерагаў іх, і пайшлі сьледам марнасьці і змарнаваліся, і сьледам народаў навакольных, пра якіх Гасподзь наказваў ім, каб не рабілі так, як яны,і пакінулі ўсе запаведзі Госпада Бога свайго, і парабілі сабе літыя выявы двух цялят, і зладзілі дуброву, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Ваалу,і праводзілі сыноў сваіх і дочак сваіх праз агонь, і варажылі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў вачах Госпада і ўгняўляць Яго.І ўгневаўся Гасподзь моцна на Ізраільцян, і адкінуў іх ад аблічча Свайго. Не засталося нікога акрамя калена Юдавага.І Юда таксама ня трымаўся запаведзяў Госпада Бога свайго, і рабіў паводле звычаяў Ізраільцян, як рабілі яны.І адвярнуўся Гасподзь ад усіх нашчадкаў Ізраіля, і ўпакорыў іх, і аддаваў іх у рукі грабежнікаў, і нарэшце адкінуў іх ад аблічча Свайго.Ізраільцяне адпалі ад дому Давідавага і ўзьвялі царом Ераваама, сына Наватавага. І ўхіліў Ераваам Ізраільцян ад Госпада, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.І дзеялі сыны Ізраілевыя паводле ўсіх грахоў Ераваама, якія ён рабіў, не адставалі ад іх,пакуль Гасподзь не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як казаў праз усіх рабоў Сваіх, прарокаў. І пераселены Ізраіль зь зямлі сваёй у Асірыю, дзе ён і да гэтага дня.І перавёў цар Асірыйскі людзей з Вавілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыйскіх замест сыноў Ізраілевых. І яны валодалі Самарыяй, і пачалі жыць у гарадах яе.І як на пачатку жыхарства свайго там яны не шанавалі Госпада, дык Гасподзь пасылаў на іх ільвоў, якія аддавалі іх сьмерці.І данесьлі цару Асірыйскаму і сказалі: народы, якія ты перасяліў і пасяліў у гарадах Самарыйскіх, ня ведаюць закона Бога той зямлі, і за тое Ён пасылае на іх ільвоў, і вось яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць закона Бога той зямлі.І загадаў цар Асірыйскі, і сказаў: адпраўце туды аднаго сьвятара з тых, што вы выселілі адтуль; няхай пойдзе і жыве там, і ён навучыць іх закону Бога той зямлі.І прыйшоў адзін сьвятар з тых, каго выселілі з Самарыі, і жыў у Вэтылі, і вучыў іх, як шанаваць Госпада.Прытым зрабіў кожны народ і сваіх багоў і паставіў у бажніцах вышыняў, якія ўсталявалі Самаране, - кожны народ у сваіх гарадах, дзе жывуць яны:Вавілоняне зрабілі Сукотбэнот, Кутыйцы зрабілі Нэргала, Эмацяне зрабілі Ашыму,Авійцы зрабілі Ніўхаза і Тартака, а Сэпарваімцы палілі сыноў сваіх у агні Адрамэлэху і Анамэлэху, багам Сэпарваімскім.Тым часам шанавалі і Госпада, і паставілі ў сябе сьвятароў вышыняў з асяродзьдзя свайго, і яны служылі ў іх у капішчах вышыняў.Госпада яны шанавалі, і багам сваім яны служылі паводле звычаю народаў, зь якіх выселілі іх.Да гэтага дня робяць яны паводле сваіх звычаяў: не баяцца Госпада і ня ўчыняюць паводле пастановаў і абрадаў, якія наказаў Гасподзь сынам Якава, якому даў Ён імя Ізраіля.Устанавіў Гасподзь зь імі запавет і наказаў ім, кажучы: не шануйце багоў іншых і не пакланяйцеся ім, і ня служэце ім, і ня прыносьце ахвяраў ім,але Гасподзь, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і мышцаю прасьцёртай, - Яго шануйце і Яму пакланяйцеся, і Яму прыносьце ахвяры,і пастановы, і ўстанаўленьні, і закон, і наказы, якія Ён напісаў вам, старайцеся выконваць ва ўсе дні, і не шануйце багоў іншых;і запавета, які я ўстанавіў з вамі, не забывайце, і не шануйце багоў іншых,толькі Госпада Бога вашага шануйце, і Ён выбавіць вас ад рукі ўсіх ворагаў вашых.Але яны не паслухаліся, а ўчынялі паводле сваіх ранейшых звычаяў.Народы гэтыя шанавалі Госпада, але і балванам сваім служылі. Ды і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх да сёньня робяць гэтак сама, як рабілі бацькі іхнія.