2 Пятра, Кіраўнік 1

Сымон Пётр, раб і апостал Ісуса Хрыста, тым, якія прынялі з намі аднолькава дарагую веру ў праўдзе Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:мілата і мір вам хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.Як ад Божае сілы Ягонай даравана нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці, праз спазнаньне Таго, Хто паклікаў нас славаю і цнотаю,якімі нам дараваны вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы празь іх сталіся супольнікамі Божае Прыроды, адышоўшы ад псоты пажадлівасьцю, якая пануе ў сьвеце,дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсю дбайнасьць, пакажэце ў веры вашай цноту, у цноце разважлівасьць,у разважлівасьці ўстрымлівасьць, ва ўстрымлівасьці цярплівасьць, у цярплівасьці пабожнасьць,у пабожнасьці браталюбнасьць, у браталюбнасьці любасьць.Калі гэта ў вас ёсьць і памнажаецца, дык вы не застаняцеся бяз удачы і плёну ў спазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста;а ў кім няма гэтага, той сьляпы, заплюшчыў вочы, забыўся пра ачышчэньне ад ранейшых грахоў сваіх.А таму, браты, болей і болей дбайце пра тое, каб рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і выбраньне: так робячы, ніколі не спатыкнецеся,бо так адчыніцца вам свабодны ўваход у вечнае Царства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.Таму я ніколі не перастану нагадваць вам пра гэта, хоць вы тое і ведаеце і ўмацаваныя ў існай праўдзе.А справядлівым лічу, пакуль я ў гэтай цялеснай храміне, падбадзёрваць вас напамінам,ведаючы, што неўзабаве павінен буду пакінуць храміну маю, як і Гасподзь наш Ісус Хрыстос адкрыў мне.Буду, аднак, старацца, каб вы і пасьля майго адыходу заўсёды згадвалі гэта ў памяці.Бо мы абвясьцілі вам сілу і прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста, не за хітра сплеценымі байкамі йдучы, а быўшы навочнымі сьведкамі Ягонай велічы.Бо Ён прыняў ад Бога Айца гонар і славу, калі ад гожай славы даляцеў да Яго такі голас: «Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».І гэты голас, які зь нябёсаў зышоў, мы чулі, калі былі зь Ім на сьвятой гары.І пры тым мы маем самае пэўнае прарочае слова; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачынае брацца на дзень і ня ўзыдзе ранішняя зорка ў сэрцах вашых,ведаючы перш за ўсё тое, што ніякага прароцтва ў Пісаньні нельга тлумачыць паводле свайго разуменьня.Бо ніколі прароцтва ня бывала агалошана з волі людзкой, а прамаўлялі яго сьвятыя Божыя людзі, натхнёныя Духам Сьвятым.