І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:Гасподзь - цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.Бог мой - скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мнеі вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.Зь мілажальным Ты - мілажальны, з чалавекам шчырым - шчыры,з чыстым - чысты, а з хітрым - па хітрасьці ягонай.Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.Бог! - беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;і зьнішчаю іх і б'ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.Яны клічуць, але няма выратавальніка, - да Госпада, але Ён ня слухае іх.Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народыі выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!