Дзеі, Кіраўнік 7

Тады сказаў першасьвятар: ці так гэта?А ён сказаў: мужы браты і бацькі! паслухайце. Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму ў Месапатаміі, да перасяленьня яго ў Харан,і сказаў яму: выйдзі зь зямлі тваёй і з радзіны тваёй і з дома бацькі твайго, і ідзі ў зямлю, якую пакажу табе.Тады ён выйшаў зь зямлі Халдэйскай і пасяліўся ў Харане; а адтуль, пасьля сьмерці бацькі ягонага, перасяліў яго Бог у гэтую зямлю, дзе вы цяпер жывяце;і ня даў яму на ёй спадчыны ні на ступак нагі, а абяцаўся даць яе на валоданьне яму нашчадкам ягоным пасьля яго, калі ён яшчэ быў бязьдзетны.І сказаў яму Бог, што нашчадкі ягоныя будуць прыхаднямі ў чужой зямлі і будуць у рабстве і прыгнёце гадоў чатырыста.Але Я, сказаў Бог, учыню суд над тым народам, у якога яны будуць у рабстве; і пасьля таго яны выйдуць і будуць служыць Мне на гэтым месцы.І даў яму запавет абразаньня. Пасьля гэтага ён спарадзіў Ісаака і абрэзаў яго восьмага дня; а Ісаак спарадзіў Якава, а Якаў - дванаццаць патрыярхаў.Патрыярхі з зайздрасьці прадалі Язэпа ў Егіпет; але Бог быў зь ім,і выбавіў яго ад усіх уціскаў ягоных, і дараваў мудрасьць яму і ўпадабаньне фараона, цара Егіпецкага, і той паставіў яго начальнікам над Егіптам і над усім домам сваім.І прыйшоў голад і вялікі смутак на ўсю зямлю Егіпецкую і Ханаанскую, і бацькі нашыя не знаходзілі, чым пракарміцца.А Якаў, пачуўшы, што ёсьць пшаніца ў Егіпце, паслаў туды бацькоў нашых першым разам;а як прыйшлі яны другім разам, Язэп адкрыўся братам сваім і вядомы стаў фараону род Язэпаў.Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якава і ўсю радзіну сваю, семдзесят пяць душ.Якаў перайшоў у Егіпет, і памёр сам і бацькі нашыя;і перанесены былі ў Сіхем і пакладзены ў магілу, якую купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Эмора Сіхемавага.А як наблізіўся час збыцца абяцаньню, за якое прысягнуў Бог Абрагаму, народ разрастаўся і множыўся ў Егіпце,аж пакуль ня прыйшоў новы цар, які ня ведаў Язэпа;гэты, намысьляючы ліхое супроць роду нашага, уціскаў бацькоў нашых, вымушаючы іх кідаць дзяцей сваіх, каб ня выжывалі.У гэты час нарадзіўся Майсей і быў да спадобы Богу; тры месяцы яго кармілі ў доме бацькі ягонага,А як выкінулі, узяла яго дачка фараонава і выхавала яго ў сябе як сына.І навучылі Майсея ўсёй мудрасьці Егіпецкай і быў моцны ў словах і дзеях.А як споўнілася яму сорак гадоў, запала яму ў серца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраілевых.І, убачыўшы, як крыўдзілі аднаго, заступіўся і адпомсьціў за пакрыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.Ён думаў, зразумеюць браты яго, што Бог рукою ягонаю дае ім збавеньне; але яны не зразумелі.На другі дзень, калі некаторыя зь іх сварыліся, ён зьявіўся і схіляў іх да згоды, кажучы: вы - браты; навошта крыўдзіце адзін аднаго?А той, што крыўдзіў блізкага, адштурхнуў яго, кажучы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю над намі?Ці ня хочаш ты забіць і мяне, як учора забіў Егіпцяніна?Ад гэтых словаў Майсей уцёк і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыямскай, дзе нарадзіліся ад яго два сыны.Як мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні, дзе гара Сынайская, анёл Гасподні ў полымі вогненнага цярновага куста.Майсей убачыўшы зьдзівіўся з уявы; а калі падыходзіў разгледзець, быў яму голас Гасподні:Я Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагамаў і Бог Ісаакаў і Бог Якаваў. Майсей, ахоплены страхам, не адважыўся глядзець.І сказаў яму Гасподзь: скінь абутак з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, ёсьць зямля сьвятая.Бачу Я ўціск народу Майго ў Егіпце і чую стогны ягоныя, і сышоў выбавіць яго; дык ідзі ж, Я пашлю цябе ў Егіпет.Гэтага Майсея, якога яны адцураліся, сказаўшы: хто цябе паставіў начальнікам і судзьдзёю? - яго Бог рукою анёла, што зьявіўся яму ў цярновым кусьце, паслаў начальнікам і ратаўніком.Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай і ў Чэрмным моры і ў пустыні за сорак гадоў.Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраілевым: Прарока паставіць вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых: Яго слухайце.Гэта той самы, які быў на сходзе ў пустыні з анёлам, што гаварыў зь ім на гары Сынаі, і з бацькамі нашымі, і які прыняў жывыя словы, каб перадаць нам,якому бацькі нашыя не хацелі быць паслухмянымі, а адмовіліся ад яго і павярнуліся сэрцамі сваімі да Егіпта,сказаўшы Аарону: зрабі нам багоў, якія б ішлі наперадзе нас, бо з Майсеем, які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, ня ведаем, што здарылася.І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся перад творам рук сваіх.А Бог адвярнуўся і пакінуў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: «дом Ізраілеў! Ці прыносілі вы Мне заколатае і ахвяры за сорак гадоў у пустыні?Вы прынялі скінію Малохаву і зорку бога вашага Рэмфана, выявы, якія вы зрабілі, каб пакланяцца ім: і я перасялю вас за Вавілон».Скінія сьведчаньня была ў бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Хто сказаў Майсею зрабіць яе паводле ўзору, ім бачанага.Бацькі нашыя зь Ісусам, узяўшы яе, унесьлі ў валоданьні народаў, прагнаных Богам ад аблічча бацькоў вашых. Так было да дзён Давідавых;гэты знайшоў мілату перад Богам і маліў, каб знайсьці жытло Богу Якаваму.А Саламон збудаваў Яму дом.Але Ўсявышні не ў рукатворных храмах жыве, як кажа прарок:«неба - трон Мой, і зямля - падножжа ног Маіх; які дом збудуеце Мне, кажа Гасподзь, альбо якое месца на адпачынак Мой?Ці ж не Мая рука стварыла ўсё гэта?».Цьвёрдахрыбетныя! людзі зь неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! вы заўсёды працівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы:каго ж бо з прарокаў ня гналі бацькі вашыя? яны забілі прадвесьнікаў прышэсьця Праведніка, прадажнікамі і забойцамі Якога сталіся сёньня вы,вы, якія прынялі ўстанаўленьнем анёльскім закон, і не захавалі.Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі і скрыгаталі на яго зубамі.А Сьцяпан, напоўнены Духам Сьвятым, паглядзеўшы на неба, убачыў Божую славу і Ісуса, Які стаяў праваруч Бога,і сказаў: вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога.Але яны, закрычаўшы моцным голасам, затыкалі вушы свае, і аднадушна кінуліся на яго,і, вывеўшы за горад, пачалі біць яго камянямі. А сьведкі паклалі сваю адзежу да ног юнака, якога звалі Саўлам.І білі камянямі Сьцяпана, які маліўся і казаў: Госпадзе Ісусе! прымі дух мой!І, схіліўшы калені, усклікнуў моцным голасам: Госпадзе! ня лічы ім грэху гэтага! І, сказаўшы гэта, спачыў.