Словы Амоса, аднаго пастуха Тэкойскага, якія ён чуў ва ўяве пра Ізраіля ў дні Азіі, цара Юдэйскага і ў дні Ераваама, сына Ёасавага, цара Ізраільскага, за два гады перад землятрусам.І сказаў ён: Гасподзь загрыміць зь Сіёна і дасьць голас Свой зь Ерусаліма, - і заплачуць халупы пастухоў, і высахне вяршыня Карміла.Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Дамаска і за чатыры не пашкадую яго, бо яны малацілі Галаад жалезнымі цапамі.І пашлю агонь на дом Азаіла, - і зжарэ ён харомы Вэнадада.І скрышу замкі Дамаска і зьнішчу жыхароў даліны Авэн і таго, хто трымае жазло - з дому Эдэнавага, і пойдзе народ Арамейскі ў палон у Кір, кажа Гасподзь.Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Газы і за чатыры не пашкадую яе, бо яны вывелі ўсіх у палон, каб аддаць іх Эдому.І пашлю агонь у сьцены Газы, - і зжарэ харомы яе.І зьнішчу жыхароў Азота і таго, які трымае жазло ў Аскалоне, і павярну руку Маю на Экрон, - і загіне рэшта Філістымлянаў, кажа Гасподзь Бог.Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Тыра і за чатыры не пашкадую яго, бо яны аддалі ўсіх палонных Эдому і не згадалі пра братэрскае спрымірэньне.Пашлю агонь у сьцены Тыра, - і зжарэ харомы яго.Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы Эдома і за чатыры не пашкадую яго, бо ён перасьледаваў брата свайго мечам, прыдушыў пачуцьці роднасьці, лютаваў пастаянна ў гневе сваім і заўсёды захоўваў лютасьць сваю.І пашлю агонь на Тэман, - і зжарэ харомы Васора.Так кажа Гасподзь: за тры злачынствы сыноў Амонавых і за чатыры не пашкадую іх, бо яны расьціналі цяжарных у Галаадзе, каб пашырыць межы свае.І запалю агонь у сьценах Равы, - і зжарэ харомы яе сярод крыку ў дзень бітвы, зь віхураю ў дзень буры.І пойдзе цар іхні ў палон, ён і князі ягоныя разам зь ім, кажа Гасподзь.