Другі закон, Кіраўнік 8

Усе запаведзі, якія я наказваю вам сёньня, старайцеся выконваць, каб вы былі жывыя і множыліся, і пайшлі й завалодалі зямлёю, даць якую запрысягнуўся Гасподзь бацькам вашым.І памятай увесь шлях, якім вёў цябе Гасподзь, Бог твой, па пустыні, вось ужо сорак гадоў, каб упакорыць цябе, каб выпрабаваць цябе і даведацца, што ў сэрцы тваім, ці будзеш шанаваць запаведзі Ягоныя, а ці не;Ён упакорваў цябе, таміў цябе голадам і карміў цябе маннаю, якое ня ведаў ты і ня ведалі бацькі твае, каб паказаць табе, што не адным хлебам жыве чалавек, а ўсякім словам, якое сыходзіць з вуснаў Госпада, жыве чалавек;вопратка твая ня зношвалася на табе, і нага твая ня пухла, вось ужо сорак гадоў.І ведай у сэрцы тваім, што Гасподзь, Бог твой, вучыць цябе, як чалавек вучыць сына свайго.Дык вось шануй запаведзі Госпада, Бога твайго, хадзі шляхамі Ягонымі й баючыся Яго.Бо Гасподзь, Бог твой, вядзе цябе ў зямлю добрую, у зямлю, дзе патокі водаў, крыніцы і азёры выходзяць з далінаў і гору зямлю, дзе пшаніца, ячмень, вінаградныя лозы, смакоўніцы і гранатавыя дрэвы, дзе аліўныя дрэвы і мёд,у зямлю, у якой бязьбедна есьцімеш хлеб твой і ні ў чым ня мецьмеш нястачы, у зямлю, у якой камяні - жалеза, і з гор якой будзеш высякаць медзь.І калі будзеш есьці і наядацца, тады дабраслаўляй Госпада, Бога твайго, за добрую зямлю, якую Ён даў табе.Пільнуйся, каб не забыў ты Госпада, Бога твайго, не шануючы запаведзяў Ягоных і пастановаў Ягоных, якія сёньня наказваю табе.Калі будзеш есьці і наядацца, і пабудуеш добрыя дамы і будзеш жыць,і калі будзе ў цябе буйнога быдла багата, і будзе многа срэбра і золата, і ўсяго ў цябе будзе многа, -дык глядзі, каб не напышылася сэрца тваё і не забыў ты Госпада, Бога твайго, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;Які правёў цябе па пустыні вялікай і страшнай, дзе гады, васіліскі, скарпіёны і мясьціны сухія, на якіх няма вады; Які скрынічыў табе вады са скалы гранітнай,карміў цябе ў пустыні маннаю, якой ня ведалі бацькі твае, каб упакорыць цябе і выпрабаваць цябе, каб пазьней зрабіць табе дабро,і каб ты не сказаў у сэрцы тваім: «мая сіла і моц рукі маёй прыдбалі мне багацьце гэтае»,але каб памятаў Госпада, Бога твайго, бо Ён дае табе сілу набываць багацьце, каб выканаць, як сёньня, запавет Свой, які Ён прысягаю зацьвердзіў бацькам тваім.Калі ж ты забудзеш Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі іншымі, і будзеш служыць ім і пакланяцца ім, дык сьведчу вам сёньня, што вы загінеце;як народы, якія Гасподзь вынішчае ад аблічча вашага, так загінеце і вы за тое, што не паслухаеце голасу Госпада, Бога вашага.