Эфэсянаў, Кіраўнік 1

Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах,бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові,наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас празь Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй,на хвалу славы мілаты Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным,у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця мілаты Ягонай,якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім,на зьдзяйсьненьне паўнаты часу, каб усё нябеснае і зямное паяднаць у Хрысьце;у Ім мы і зрабіліся спадкаемцамі, і былі наперад назначаны на тое згодна з воляй Таго, Хто ўсё чыніць паводле хаценьня волі Сваёй,каб заслужыцца на пахвалу славы Ягонай нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста;у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, абвяшчэньне вашага выратаваньня, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаткаю абяцанага Духа Сьвятога,Які ёсьць зарука спадчыны нашай, на адкупленьне долі Ягонай, на хвалу славы Ягонай!Таму і я, дачуўшыся пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы вас у малітвах маіх,каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на спазнаньне Яго,і прасьветліў вочы сэрца вашага, каб вы ўведалі, у чым надзея закліканьня Ягонага, і якое багацьце слаўнае спадчыны Ягонай для сьвятых,і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонае ў нас, што паверылі празь дзеяньне ўладарнае сілы Ягонай,якою Ён узьдзейнічаў у Хрысьце, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,і ўсё ўпакорыў пад ногі Яму, і паставіў яго вышэй за ўсё, галавою Царквы,якая ёсьць Цела Ягонае, поўнасьць Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.