Выхад, Кіраўнік 20

І прамовіў Бог усе словы гэтыя, кажучы:Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства;хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім.Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі;не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацьвёртага роду, што ненавідзяць мяне,і Які чыніць мілату тысячам родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае.Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна.Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго;шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае,а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх;бо за шэсьць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў; таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асьвяціў яго.Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе.Не забівай.Ня чыні пералюбу.Ня крадзь.Не кажы ілжывага сьведчаньня на блізкага твайго.Ня прагні дому блізкага твайго; ня прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго.Увесь народ бачыў грымоты і полымя, і гук трубны і гару, што дымілася; і ўбачыўшы тое, народ адступіў і спыніўся спадалёк.І сказалі Майсею: гавары ты з намі, і мы будзем слухаць, але каб не гаварыў з намі Бог, каб нам не памерці.І сказаў Майсей народу: ня бойцеся; Бог прыйшоў, каб выпрабаваць вас і каб страх Ягоны быў перад абліччам вашым, каб вы не грашылі.І стаяў народ спадалёк, а Майсей уступіў у змрок, дзе Бог.І сказаў Гасподзь Майсею: так скажы сынам Ізраілевым: вы бачылі, як Я зь неба казаў вам;не рабеце перад Мною багоў срэбраных, альбо багоў залатых не рабеце сабе:зрабі Мне ахвярнік зь зямлі і прынясі на ім цэласпаленьні твае і мірныя ахвяры твае, авечак тваіх і валоў тваіх; на кожным месцы, дзе Я ўчыню памяць імя Майго, Я прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе;калі ж будзеш рабіць Мне ахвярнік з камянёў, дык не кладзі яго з часовых, бо як толькі накладзеш на іх разец твой, дык апаганіш іх;і ня ўзыходзь па прыступках да ахвярніка Майго, каб не адкрылася пры ім сарамата твая.