На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою.І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло.І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь пасярод вады, і хай аддзяляе яна ваду ад вады.І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так.І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так.І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра.І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай дзеля аддзяленьня дня ад ночы, і на азнакі і поры, і дні і гады;і хай будуць яны сьвяцільнямі на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю. І сталася так.І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі;і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю,і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты.І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі.І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.І стварыў Бог жывёл зямных паводле роду іх, і быдла паводле роду яго, і ўсіх гадаў зямных паводле роду іх. І ўбачыў Бог, што гэта добра.І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.І сказаў Бог: вось, Я даў вам усякую траву, што сее насеньне, якая ёсьць на ўсёй зямлі, і ўсякае дрэва, у якога плод дрэўны, што сее насеньне, - вам гэта будзе ежаю:а ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсякаму, што поўзае па зямлі, у якім душа жывая, даў Я ўсю зеляніну травяную на ежу. І сталася так.І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.