Слухайце гэта, сьвятары, і ўважайце, дом Ізраілеў, і прыхілеце вуха, дом цара; бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю ў Масіфе і сеткаю, раскінутаю ў Таворы.Глыбока загразлі ў распусьце яны; але Я пакараю ўсіх іх.Яфрэма Я ведаю, і Ізраіль не схаваны ад Мяне; бо ты блудадзейнічаеш, Яфрэме, і Ізраіль апаганіўся.Справы іхнія не дазваляюць ім зьвярнуцца да Бога свайго, бо дух распусты ўсярэдзіне ў іх, і Госпада яны не спазналі.І гонар Ізраілеў прыніжаны ў вачах у іх; і Ізраіль і Яфрэм загінуць ад бязбожнасьці сваёй; упадзе і Юда зь імі.З авечкамі сваімі пойдуць шукаць Госпада і ня знойдуць Яго: Ён адыдзе ад іх.Госпаду яны здрадзілі, бо нарадзілі чужых дзяцей; сёньня новы месяц зьесьць іх зь іхняй маёмасьцю.Затрубеце рогам у Гіне, трубою ў Раме; узвышайце голас у Бэтавэме: за табою, Веньяміне!Яфрэм зробіцца пустэльняю ў дзень пакараньня; паміж плямёнамі Ізраілевымі Я ўзьвясьціў гэта.Правадыры Юдавы сталі падобнымі на тых, што перасоўваюць межы: вылью на іх гнеў Мой, як ваду.Прыгнечаны Яфрэм, уражаны судом; бо захацеў хадзіць сьледам за марнымі.І буду як моль Яфрэму і як чарвяк дому Юдаваму.І ўбачыў Яфрэм хваробу сваю і Юда - сваю рану, і пайшоў Яфрэм да Асура і паслаў да цара Ярэва; але ён ня можа ацаліць вас, і ня вылечыць вас ад раны.Бо Я як леў Яфрэму і як ільвяня дому Юдаваму; Я, Я разарву і пайду; панясу - і ніхто ня выратуе.Пайду, вярнуся ў Маё месца, пакуль яны ня прызнаюць сябе вінаватымі і ня знойдуць аблічча Майго.