Ісаі, Кіраўнік 18

Гора зямлі шумнакрылай па той бок рэк Эфіопскіх,якая пасылае паслоў па моры, і ў папірусных суднах па водах! Ідзеце, борздыя паслы, да народу рослага і бліскучаскурага, да народу грознага нават здалёку і дагэтуль, да народу ўладарнага, які ўсё топча, зямлю якога расьсякаюць рэкі.Усе вы, што засяляеце сьвет і жывяце на зямлі! Глядзеце, калі сьцяг падымецца на горах, і, калі загрыміць труба, слухайце!Бо так Гасподзь сказаў мне: Я спакойна гляджу з жытла Майго, як сьветлая цяплыня пасьля дажджу, як воблака расы ў часе жніўнае сьпёкі.Бо да збору вінаграду, калі ён адцьвіце, і гронка пачне дасьпяваць, Ён адатне нажом вецьце і адкіне, і абсячэ парасткі.І пакінуць усё драпежным горным птушкам і зьвярам польным; і птушкі будуць летаваць там, а ўсе зьвяры польныя зімавацьмуць там.У той час будзе прынесены дарунак Госпаду Саваофу ад народу рослага і бліскучаскурага, ад народу грознага нават здалёку і дагэтуль, ад народу ўладарнага, які топча ўсё, зямлю якога расьсякаюць рэкі, - да месца імя Госпада Саваофа, на гару Сіён.