Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе - зь Ерусаліма.І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае - на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, - і яно будзе прыніжана,і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.І ідалы зьнікнуць зусім.І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?