Слухайце Мяне, выспы, і ўважайце, народы далёкія: Гасподзь паклікаў Мяне ад улоньня, ад нутробы маці Маёй назваў імя Маё;і зрабіў вусны Мае, як востры меч; ценем рукі Сваёй накрываў Мяне, і зрабіў Мяне стралою завостранаю: у калчане Сваім захоўваў Мяне;і сказаў Мне: ты раб Мой, Ізраіле, - у табе Я праслаўлюся.А Я сказаў: дарма Я працаваў, на нішто і марна нікчэмніў сілу Сваю. Але Маё права - у Госпада, і ўзнагарода Мая - у Бога Майго.І сёньня кажа Гасподзь, Які выгадаваў Мяне ад улоньня рабом Сабе, каб павярнуць да Яго Якава, і каб Ізраіль сабраўся ў Яго; Я ўшанаваны ў вачах Госпада, і Бог мой - сіла Мая.І Ён сказаў: мала таго, што ты будзеш рабом Маім на ўзнаўленьне каленаў Ізраілевых і дзеля вяртаньня рэшты Ізраіля, але Я зраблю Цябе сьвятлом народаў, каб ратаваньне Маё пашырылася да краю зямлі.Так кажа Гасподзь, Адкупнік Ізраіля, Сьвяты Яго, пагарджанаму ўсімі, клятаму народам, рабу ўладароў: цары ўбачаць - і ўстануць; князі паклоняцца дзеля Госпада, Які верны, дзеля Сьвятога Ізраілевага, Які выбраў Цябе.Так кажа Гасподзь: у час спрыяльны Я пачуў Цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог Табе; і Я буду ахоўваць Цябе і зраблю Цябе запаветам народу, каб узнавіць зямлю, каб вярнуць спадчыньнікам спадчыну спусташэньня,сказаў вязьням: «выходзьце», і тым, якія ў цемры: «пакажэцеся». Яны пры дарогах будуць пасьвіць, і на ўсіх пагорках будуць пашы іхнія;ня будуць цярпець голаду і смагі, і не дастане іх сьпёка і сонца; бо Той, Хто мілуе іх, будзе весьці іх і прывядзе іх да крыніцы водаў.І ўсе горы Мае зраблю шляхам, і дарогі Мае будуць паднятыя.Вось, яны прыйдуць здалёку; і вось, - адны з поўначы і мора, а другія - зь зямлі Сінім.Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля, і гудзеце, горы, ад радасьці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой і памілаваў пакутнікаў Сваіх.А Сіён казаў: «пакінуў мяне Гасподзь, і Бог мой забыў мяне!»Ці забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе.Вось, Я накрэсьліў цябе на далонях Маіх; сьцены твае заўсёды перада Мною.Сыны твае пасьпяшаюцца да цябе, а руйнавальнікі і спусташальнікі твае пойдуць ад цябе.Узьвядзі вочы твае і паглядзі навокал, - усе яны зьбіраюцца, ідуць да цябе. Жыву Я! кажа Гасподзь, ва ўсе іх ты апранешся, як ва ўбранства, і ўбярэшся ў іх, як нявеста.Бо руіны твае і пустыні твае і спустошаная зямля твая - будуць цяпер занадта цесныя жыхарам, і тыя, што глыталі цябе, адыдуць ад цябе.Дзеці, якія будуць у цябе пасьля страты ранейшых, скажуць уголас табе: «цеснае мне месца; саступі мне, каб я мог жыць».І ты скажаш у сэрцы тваім: «хто мне нарадзіў іх? я была бязьдзетная і бясплодная, адведзена ў палон і выгнана; хто ж выгадаваў іх? - вось, я заставалася адзінокая; дзе ж яны былі?»Так кажа Гасподзь Бог: вось, Я падыму руку Маю да народаў, і выстаўлю сьцяг Мой плямёнам, - і прынясуць сыноў тваіх на руках і дачок тваіх на плячах.І будуць цары карміцелямі тваімі, і царыцы іх - карміцелькамі тваімі; тварам да зямлі будуць кланяцца табе і лізаць пыл ног тваіх, і ўведаеш, што Я - Гасподзь, што тыя, хто спадзяецца на Мяне, ганьбы ня мецьмуць.Ці можа быць адабрана ў дужага здабыча, і ці могуць быць адабраны ў пераможцы палонныя?Так! так кажа Гасподзь: і палонныя дужым будуць адабраныя, і здабыча тырана будзе вызвалена; бо я буду спаборнічаць з супраціўнікамі тваімі і сыноў тваіх Я выратую;і ўціскальнікаў тваіх накармлю іхняю плоцьцю, і яны будуць упітыя крывёю сваёю, як маладым віном; і ўсякая плоць даведаецца, што Я - Гасподзь, Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Якаваў.