Ісаі, Кіраўнік 7

І было ў дні Ахаза, сына Ёатамавага, сына Азіі, цара Юдэйскага, Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліінаў, цар Ізраільскі, пайшлі супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, - але не маглі заваяваць.І было абвешчана дому Давідаваму, і сказана: Сірыяне разьмясьціліся ў зямлі Яфрэмавай; і пахіснулася сэрца ягонае і сэрца народа ягонага, як хістаюцца ад ветру дрэвы ў лесе.І сказаў Гасподзь Ісаю: выйдзі ты і сын твой, Шэарасуў насустрач Ахазу, да канца канала верхняй сажалкі, на дарогу да поля бялільнага,і скажы яму: сачы і будзь спакойны; ня бойся, і хай не занепадае сэрца тваё і не палохаецца гэтых двух недагарэлых дымных галавешак, ад распаленага гневу Рэцына і Сірыянаў, і сына Рэмаліінавага.Сірыя, Яфрэм і сын Рэмаліінаў намышляюць супроць цябе ліхое, кажучы:пойдзем на Юдэю, і ўзбурым яе, і авалодаем ёю, і паставім у ёй царом сына Тавэілавага.Але Гасподзь Бог так кажа: гэта ня станецца і ня збудзецца;бо галава Сірыі - Дамаск, і галава Дамаска - Рэцын; а праз шасьцьдзясят пяць гадоў Яфрэм перастане быць народам;і галава Яфрэма - Самарыя, і галава Самарыі - сын Рэмаліінаў. Калі вы ня верыце, дык таму, што вы не засьведчаныя.І Гасподзь гаварыў далей да Ахаза, і сказаў:прасі сабе азнакі ў Госпада Бога твайго: прасі альбо ў глыбіні, альбо на вышыні.І сказаў Ахаз: ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада.Тады сказаў Ісая: слухайце ж, доме Давідаў! няўжо мала вам абцяжваць людзей, што вы хочаце абцяжваць і Бога майго?Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.Ён будзе карміцца малаком і мёдам, пакуль ня будзе ўмець адкідаць благое і выбіраць добрае.Бо, перш чым гэтае дзіця ўмецьме адкідаць благое і выбіраць добрае, зямля тая, якое ты баішся, будзе пакінута абодвума царамі яе.Але навядзе Гасподзь на цябе і на народ твой і на дом бацькі твайго дні, якія ня прыходзілі з часу адпаду Яфрэма ад Юды, навядзе цара Асірыйскага.І станецца ў той дзень: Гасподзь дасьць знак мусе, якая пры ўтоку ракі Егіпецкай, і пчале, якая ў зямлі Асірыйскай,і прыляцяць і пасядуць яны ўсе па далінах апусьцелых і па расколінах скал, і па ўсім калючым кустоўі і па ўсіх дрэвах.У той дзень паголіць Гасподзь брытваю, узятаю па той бок ракі царом Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і нават здыме бараду.І станецца ў той дзень: хто будзе трымаць карову і дзьве авечкі,з багацьця малака, якое яны дадуць, спажываць будзе масла; масла і мёд будуць есьці ўсе, што засталіся ў гэтай зямлі.І станецца ў той дзень: на ўсякім месцы, дзе расла тысяча вінаградных лозаў на тысячу срэбранікаў, будзе церне і калючы хмыз.Са стрэламі і лукамі хадзіцьмуць туды, бо ўся зямля будзе цернем і калючым хмызам.І ні на адну гару, якую капалі рыдлёўкамі, ня пойдзеш, баючыся церняў і калючых хмызаў: туды будуць выганяць валоў, і дробнае быдла таптацьме іх.