Празь некалькі дзён, у час жніва пшаніцы, прыйшоў Самсон пабачыцца з жонкаю сваёю, прынёсшы з сабою казьляня; і сказаў ёй: «увайду да жонкі маёй у спальню», бацька яе ня даў яму ўвайсьці.І сказаў бацька яе: я падумаў, што ты зьненавідзеў яе, і я аддаў яе дружку твайму; вось, меншая сястра прыгажэйшая за яе; няхай яна будзе табе замест яе.Але Самсон сказаў ім: цяпер я буду справядлівы перад Філістымлянамі, калі ўчыню ім благое.І пайшоў Самсон, і злавіў трыста лісаў, і ўзяў паходні, і зьвязаў хвост з хвастом, і прывязаў па паходні паміж двума хвастамі;і запаліў паходні, і пусьціў іх на жніво Філістымскае, і выпаліў капіцы і няжаты хлеб, і вінаградныя сады і аліўкавыя.І казалі Філістымляне: хто гэта зрабіў? І казалі: Самсон, зяць Філістымлянаў; бо гэты ўзяў жонку ягоную і аддаў сябру ягонаму. І пайшлі Філістымляне, і спалілі агнём яе і бацьку яе.Самсон сказаў ім: хоць вы зрабілі гэта, але я адпомшчу вам самім, і толькі тады супакоюся.І перабіў ён ім галені і клубы, і пайшоў і засеў у цясьніне скалы Этама.І пайшлі Філістымляне, і атабарыліся ў Юдэі, і працягнуліся да Лэхі.І сказалі жыхары Юдэі: за што вы выйшлі супраць нас? Яны сказалі: мы прыйшлі зьвязаць Самсона, каб зрабіць зь ім так, як ён зрабіў з намі.І пайшлі тры тысячы чалавек зь Юдэі да цясьніны скалы Этама, і сказалі Самсону: хіба ты ня ведаеш, што Філістымляне пануюць над намі? што гэта ты зрабіў нам? Ён сказаў ім: як яны са мною зрабілі, так і я зрабіў зь імі.І сказалі яму: мы прыйшлі зьвязаць цябе, каб аддаць цябе ў рукі Філістымлянам. І сказаў ім Самсон: прысягнеце мне, што вы не забэяце мяне.І сказалі яму: не, мы толькі зьвяжам цябе і аддамо цябе ім у рукі, а забіваць не заб'ем. І зьвязалі дзьвюма новымі вяроўкамі, і павялі яго зь цясьніны.Калі ён падышоў да Лэхі, Філістымляне з крыкамі сустрэлі яго. І сышоў на Яго Дух Гасподні, і вяроўкі, што былі на руках ягоных, зрабіліся, як перагарэлы лён, і ўпалі повязі з рук ягоных.Знайшоў ён сьвежую асьліную сківіцу, і, працягнуўшы руку сваю, узяў яе, і забіў ёю тысячу чалавек.І сказаў Самсон: сківіцай асьлінаю натоўп, два натоўпы, сківіцай асьлінаю забіў я тысячу чалавек.Сказаўшы гэта, кінуў сківіцу з рукі сваёй, і назваў тое месца - Рамат-Лэхі.І адчуў моцную смагу, і паклікаў Госпада і сказаў: Ты зрабіў рукою раба Твайго вялікае выратаваньне гэтае; а цяпер памру я ад смагі, і траплю ў рукі неабрэзаных.І адчыніў Бог яміну ў Лэсе, і пацякла зь яе вада. Ён напіўся, і вярнуўся дух ягоны, і ён ажыў; таму і названа месца гэтае: «крыніца таго, хто заклікае», якая ў Лэсе да сёньня.І быў ён судзьдзя Ізраіля ў дні Філістымлянаў дваццаць гадоў.