Лукаша, Кіраўнік 6

У суботу, першую пасьля другога дня Пасхі, давялося Яму праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя зрывалі калосьсе і елі, расьціраючы рукамі.А некаторыя фарысэі сказалі ім: навошта вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботу?Ісус ім сказаў у адказ: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?як ён увайшоў у дом Божы, узяў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому, апрача адных сьвятароў, і еў, і даў тым, што былі зь ім?І сказаў ім: Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.А давялося і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў сынагогу і вучыць. Там быў чалавек, у якога правая рука была сухая.А кніжнікі і фарысэі сачылі за Ім, ці не ацаліць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне супроць Яго.Але Ён, ведаючы намыслы іхнія, сказаў чалавеку з сухою рукою: устань і выступі на сярэдзіну. І той устаў і выступіў.Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? выратаваць душу, ці загубіць? Яны маўчалі.І паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму чалавеку: падай руку тваю. Той так і зрабіў: і стала рука ў яго здаровая, як другая.А яны дайшлі да шаленства і раіліся паміж сабою, што б ім зрабіць зь Ісусам.У тыя дні ўзыйшоў Ён на гару памаліцца і прабыў усю ноч, молячыся Богу.А як разьвіднела, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў зь іх дванаццаць, якіх і назваў апосталамі:Сымона, якога назваў Пятрам, і Андрэя, брата ягонага, Якава і Яна, Піліпа і Барталамея,Мацьвея і Тамаша, Якава Алфеевага і Сымона, называнага Зілотам,Юду Якаўлевага і Юду Іскарыёта, які потым стаўся прадажнікам.І сыйшоў зь імі, стаў Ён на роўным месцы, і мноства вучняў Ягоных, і мноства люду з усёй Юдэі і зь Ерусаліма, і з прыморскіх мясьцінаў Тырскіх і Сідонскіх,якія прыйшлі паслухаць Яго і ацаліцца ад хваробаў сваіх, таксама і тыя, што пакутавалі ад нячыстых духаў; і ацаляліся.І ўвесь люд імкнуўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і ацаляла ўсіх.І Ён, узьвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, казаў: дабрашчасныя ўбогія духам, бо ваша ёсьць Царства Божае.Дабрашчасныя галодныя сёньня, бо насыціцеся. Дабрашчасныя, хто плача сёньня, бо засьмеяцеся.Дабрашчасныя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі адлучаць вас і будуць зьневажаць і зьняславяць імя вашае, як ганебнае, за Сына Чалавечага.Радуйцеся ў той дзень і весялцеся, бо вялікая вам узнагарода на нябёсах. Так рабілі з прарокамі бацькі іхнія.Але гора вам, багатыя! бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэньне.Гора вам, перанасычаныя сёньня! бо спрагнеце з голаду. Гора вам, хто сьмяецца сёньня! бо заплачаце і загалосіце.Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра, бо так рабілі зь ілжывымі прарокамі бацькі іхнія.А вам, хто слухае, кажу: любеце ворагаў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым,дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, і малецеся за напасьнікоў вашых.Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе верхнюю вопратку, не заважай узяць і кашулю.Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і з таго, хто ўзяў тваё, ня зысквай назад.І як хочаце, каб з вамі рабілі людзі, так і вы рабеце зь імі.І калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за тое падзяка?І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі тое самае чыняць.І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся зыскаць назад, якая вам за тое падзяка? бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб спагнаць гэтулькі сама.А вы любеце ворагаў вашых, і дабрачыньце, і пазычайце, не чакаючы нічога; і будзе вам узнагарода вялікая, і будзеце сынамі Ўсявышняга; бо Ён добры і да няўдзячных і да ліхіх.Дык вось, будзьце міласэрныя, як і Айцец ваш міласэрны.Ня судзеце, і ня будзеце суджаныя; не асуджайце, і ня будзеце асуджаныя; даруйце, і дараваныя будзеце;давайце, і дасца вам: мераю добраю, утрэсенаю, умятаю і перапоўненаю адсыплюць вам ва ўлоньне ваша; бо якою мераю мерыце, такою самаю адмерыцца і вам.Сказаў таксама ім прытчу: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? ці не абодва ўпадуць у яму?Вучань ня бывае вышэй за свайго настаўніка; але, удасканаліўшыся, будзе кожны, як настаўнік ягоны.Што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў сваім воку не адчуваеш?Альбо, як можаш сказаць брату твайму: «браце! дай, я выму парушынку з вока твайго», калі сам ня бачыш калоды ў сваім воку! Крывадушнік! вымі сьпярша калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.Няма добрага дрэва, якое б радзіла благі плод; і няма благога дрэва, якое б радзіла плод добры.Бо ўсякае дрэва пазнаецца з плоду ягонага; бо ня зьбіраюць смокваў зь цярноўніку, і ня зьбіраюць вінаграду з хмызьняку.Добры чалавек з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а ліхі чалавек зь ліхога скарбу сэрца свайго выносіць ліхое; бо ад лішніцы сэрца маўляюць вусны ягоныя.Што вы клічаце Мяне: «Госпадзе! Госпадзе!» і ня робіце таго, што Я кажу?Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае словы Мае і выконвае іх, скажу вам, на каго падобны:ён падобны на чалавека, што будуе дом, які капаў, паглыбіўся і заклаў падмурак на камені, таму, калі сталася паводка, і вада націснула на гэты дом, дык не магла пахіснуць яго, бо ён пастаўлены быў на камені.А хто слухае і ня выконвае, падобны на чалавека, які пабудаваў дом на зямлі без падмурка, які, калі націснула на яго вада, адразу абваліўся; і разбурэньне дома гэтага было вялікае.