Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу - тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:«Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым».І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,пакіньце іх: яны - сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?а што выходзіць з вуснаў - з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі - не апаганьвае чалавека.І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.А Ён сказаў у адказ: нядобра - узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.І загадаў людзям узьлегчы на зямлю.І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні - людзям.І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.