І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю вашага жыхарства, якую Я даю вам,і будзеце прыносіць ахвяру Госпаду, цэласпаленьне, альбо ахвяру колатую, з валоў і авечак, у выкананьне абяцаньня, альбо з руплівасьці, альбо ў сьвяты вашыя, каб зрабіць прыемную духмянасьць Госпаду, -тады той, хто прыносіць ахвяру сваю Госпаду, павінен прынесьці ў прынашэньне ад хлеба дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвёртаю часткаю гіна алею;і віна дзеля паліваньня прынось чацьвяціну гіна пры цэласпаленьні альбо пры ахвяры, якую колеш, на кожнае ягня.А прыносячы барана, прынось у прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з трацінай гіна алею;і віна для паліваньня прынось траціну гіна дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.Калі маладога вала прыносіш на цэласпаленьне альбо ў ахвяру колеш, дзеля выкананьня абяцаньня альбо ў мірную ахвяру Госпаду,дык разам з валом трэба прынесьці прынашэньня хлебнага тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з палавінаю гіна алею;і віна на паліваньне прынось паўгіна ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.Так рабі пры кожным прынашэньні вала і барана і ягняці з авечак альбо коз;па ліку ахвяр, якія вы прыносіце, так рабеце пры кожнай, па ліку іх.Кожны тубылец так павінен рабіць гэта, прыносячы ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;і калі будзе паміж вамі жыць прыхадзень, альбо хто б там ні быў сярод вас у роды вашыя, і прынясе ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, дык і ён павінен рабіць так, як вы робіце;вам, супольства, і прыхадню, які жыве, статут адзін, статут вечны ў роды вашыя: што вы, тое і прыхадзень хай будзе перад Госпадам;закон адзін і адны правы хай будуць вам і прыхадню, які жыве ў вас.І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю, у якую Я вяду вас,і будзеце есьці хлеб той зямлі, дык прыносьце прынашэньне Госпаду;ад пачаткаў цеста вашага ляпёшку прыносьце ў прынашэньне; прыносьце яе так, як прынашэньне з гумна;ад пачаткаў цеста вашага аддавайце ў прынашэньне Госпаду ў роды вашыя.А калі парушыце ад няведаньня і ня выканаеце ўсіх гэтых наказаў, якія сказаў Гасподзь Майсею,усяго, што наказаў вам Гасподзь праз Майсея, ад таго дня, калі Гасподзь наказаў вам, і наперад у роды вашыя, -дык, калі зь недагляду супольства зроблена памылка, няхай уся супольнасьць прынясе аднаго маладога вала на цэласпаленьне, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, з хлебным прынашэньнем і паліваньнем яго, паводле статуту, і аднаго казла ў ахвяру за грэх;і ачысьціць сьвятар усё супольства сыноў Ізраілевых, і будзе даравана ім, бо гэта была памылка, і яны прынесьлі прынашэньне сваё ў ахвяру Госпаду, і ахвяру за грэх свой перад Госпадам, за сваю памылку;і будзе даравана ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і прыхадню, які жыве сярод іх, бо ўвесь народ зрабіў гэта з памылкі.А калі адзін хто згрэшыць зь няведаньня, дык няхай прынясе казу-адналетку ў ахвяру за грэх;і ачысьціць сьвятар душу, якая зрабіла з памылкі грэх перад Госпадам, і ачышчана будзе, і даравана будзе ёй,адзін закон хай будзе ўсім вам, як прыроднаму жыхару з сыноў Ізраілевых, так і прыхадню, які жыве ў вас, калі хто зробіць што з памылкі.А калі хто з тубыльцаў альбо з прыхадняў зробіць што дзёрзкаю рукою, дык ён зьневажае Госпада: зьнішчыцца душа тая з народу свайго,бо словам Гасподнім ён пагардзіў і запавет Ягоны парушыў; зьнішчыцца душа тая; грэх яе на ёй.Калі сыны Ізраілевыя былі ў пустыні, знайшлі чалавека, які зьбіраў дровы ў суботу;і прывялі яго, зборшчыка дроў, да Майсея і Аарона і да ўсяго супольства;і пасадзілі яго пад варту, бо ня было яшчэ вызначана, што трэба зь ім зрабіць.І сказаў Гасподзь Майсею: павінен памерці чалавек гэты; хай пабэе яго камянямі ўсё супольства за табарам.І вывела яго ўсё супольства з табара, і пабілі яго камянямі, і ён памёр, як загадаў Гасподзь Майсею.І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім, каб яны рабілі сабе кутасы на краях вопраткі сваёй у роды іхнія, і ў кутасы, якія на краях, устаўлялі ніткі з блакітнай воўны;і будуць яны ў кутасах у вас дзеля таго, каб вы, гледзячы на іх, успаміналі ўсе наказы Гасподнія і выконвалі іх і не хадзілі сьледам за сэрцам вашым і вачамі вашымі, якія вабяць вас да блудадзейства,каб вы памяталі і выконвалі ўсе наказы Мае і былі сьвятыя перад Богам вашым.Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь, Бог ваш.