Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,ногі яе сыходзяць да сьмерці, ступакі яе дастаюць да апраметнай.Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх.Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе,каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку;каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом.І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца,і скажаш: «навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала,і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў?Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!»Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў - па плошчах;хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою.Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці,любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды.І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое?Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго.Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны.Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца.