Псальма Давідава.Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я - ратунак твой!Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,бо яны бязь віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.Усе косткі мае скажуць: «Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?»Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, - выпытваюць у мяне;плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў - самотную душу маю!Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: «добра! добра! бачыла наша вока».Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;хай ня кажуць у сэрцы сваім: «добра! добра!, нам да душы!» Хай ня кажуць: «мы праглынулі яго».Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хто фанабэрыцца над мною.Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: «хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!»І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.