А калі састарыўся Самуіл, дык паставіў сыноў сваіх судзьдзямі над Ізраілем.Імя старэйшага сына ягонага Ёіль, а імя другога сына ягонага Авія; яны былі судзьдзямі ў Вірсавіі.Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва.І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля, і прыйшлі да Самуіла ў Раму,і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў.І не спадабалася слова гэтае Самуілу, калі яны сказалі: дай нам цара, каб ён судзіў нас. І маліўся Самуіл Госпаду.І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над імі;як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою;дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі.І пераказаў Самуіл усе словы Госпада народу, што прасіў у яго цара,і сказаў: вось якія будуць правы ў цара, які будзе валадарыць над вамі: сыноў вашых ён возьме і прыставіць іх да калясьніц сваіх і зробіць верхаўцамі сваімі, і будуць яны бегаць перад калясьніцамі ягонымі;і паставіць іх у сябе тысячнікамі і пяцідзясяцкімі, каб яны ўраблялі палеткі ягоныя і жалі хлеба яго і рабілі яму воінскую зброю і калясьнічныя прылады ягоныя;і дочак вашых возьме, каб яны складвалі масьці, гатавалі ежу і пяклі хлеб;і палі вашыя і вінаградныя і аліўкавыя сады вашыя лепшыя возьме і аддасьць слугам сваім;і з пасеваў вашых і зь вінаградных садоў вашых возьме дзясятую частку і аддасьць еўнухам сваім і слугам сваім;і рабоў вашых і рабынь вашых, і юнакоў вашых найлепшых і аслоў вашых возьме і ўжыве на свае патрэбы;з дробнага быдла вашага возьме дзясятую частку, і самі вы будзеце яму рабамі;і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады.Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла і сказаў: не, хай цар будзе над намі,і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя.І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх у вушы Госпаду.І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу іхняга і пастаў ім цара. І сказаў Самуіл Ізраільцянам: ідзеце кожны ў свой горад.