Быў нехта з сыноў Веньяміна, звалі яго Кіс, сын Авііла, сына Цэрона, сына Бэхарата, сына Афія, сына нейкага Веньямініцяніна, чалавек знакаміты.У яго быў сын, звалі яго Саўл, малады і прыгожы; і ня было нікога зь Ізраільцянаў прыгажэйшага за яго; ён ад плячэй сваіх быў вышэйшы за ўвесь народ.І прапалі асьліцы ў Кіса, бацькі Саўлавага, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: вазьмі з сабою аднаго са слугаў і ўстань, ідзі, пашукай асьліц.І прайшоў ён зямлю Яфрэмавую і прыйшоў у зямлю Шалішу, але не знайшлі; і прайшлі зямлю Шаалім, і там іх няма; і прайшоў ён зямлю Веньямінавую, і не знайшлі.Калі яны прыйшлі ў зямлю Цуф, Саўл сказаў слузе свайму, які быў зь ім: хадзем назад, каб бацька мой, пакінуўшы асьліц, не пачаў непакоіцца за нас.Але слуга сказаў яму: вось у гэтым горадзе ёсьць чалавек Божы, чалавек паважаны; усё, што ён скажа, збываецца; сходзім цяпер туды; можа, ён пакажа нам дарогу нашую, па якой нам ісьці.І сказаў Саўл слузе свайму: вось мы пойдзем, а што мы прынясем таму чалавеку? бо хлеба не засталося ў торбах нашых, і дарунка няма, каб паднесьці чалавеку Божаму; што ў нас?І зноў адказваў слуга Саўлу і сказаў: вось у руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; я аддам чалавеку Божаму, і ён пакажа нам дарогу нашую.Раней у Ізраіля, калі хто-небудзь ішоў пытацца Бога, казалі так: хадзем да празарліўца. Бо той, каго называюць сёньня прарокам, раней называўся празарліўцам.І сказаў Саўл слузе свайму: добра ты кажаш; пойдзем. І пайшлі ў горад, дзе чалавек Божы.Калі яны падымаліся ўгору ў горад, дык спаткалі дзяўчат, якія выйшлі чэрпаць ваду, і сказалі ім: ці ёсьць тут празарлівец?Тыя адказвалі ім і сказалі: ёсьць; вось ён, паперадзе цябе; толькі пасьпяшайся, бо ён сёньня прыйшоў у горад, бо сёньня ў народа ахвярапрынашэньне на вышыні;калі прыйдзеце ў горад, застанеце яго, пакуль ён яшчэ не пайшоў на тую вышыню, на абед; бо народ не пачне есьці, пакуль ён ня прыйдзе; бо ён дабраславіць ахвяру, і пасьля таго пачнуць есьці кліканыя; дык вось, ідзеце, цяпер яшчэ застанеце яго.І пайшлі яны ў горад. Калі ж увайшлі ў сярэдзіну горада, дык вось і Самуіл выходзіць насустрач ім, каб ісьці на вышыню.А Гасподзь адкрыў Самуілу за дзень да прыходу Саўлавага і сказаў:заўтра гэтым часам Я прыйшлю да цябе чалавека зь зямлі Веньямінавай, і ты памаж яго ў кіраўніка народу Майму Ізраілю, і ён уратуе народ Мой ад рукі Філістымлянаў; бо Я ўважыў народу Майму, бо енк ягоны дайшоў да Мяне.Калі Самуіл убачыў Саўла, дык Гасподзь сказаў яму: вось чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе кіраваць народам Маім.І падышоў Саўл да Самуіла ў браме і спытаўся ў яго: скажы мне, дзе дом празарліўца?І адказваў Самуіл Саўлу і сказаў: я празарлівец, ідзі паперадзе мяне на вышыню; і вы будзеце абедаць са мною сёньня, і адпушчу цябе раніцай, і ўсё, што ў цябе на сэрцы, скажу табе;а пра асьліц, якія ў цябе прапалі ўжо тры дні, ня турбуйся, яны знайшліся. І каму ўсё прывабнае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?І адказваў Саўл і сказаў: ці ж ня сын я Веньяміна, аднаго з малодшых пакаленьняў Ізраілевых? і племя маё ці ж ня меншае сярод плямёнаў Веньямінавых? Навошта ж ты кажаш мне гэта?І ўзяў Самуіл Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца сярод запрошаных, якіх было каля трыццаці чалавек.І сказаў Самуіл кухару: падай тую частку, якую я даў табе і пра якую я сказаў табе: адкладзі яе ў сябе.І ўзяў кухар лапатку і што было пры ім і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуіл: вось гэта пакінута, пакладзі перад сабою і еж, бо на гэты час ашчаджана гэта табе, калі я склікаў народ. І абедаў Саўл з Самуілам у той дзень.І сышлі яны з вышыні ў горад, і Самуіл гутарыў з Саўлам на даху.Раніцай усталі яны так: калі ўзышла зара, Самуіл паклікаў Саўла на даху і сказаў: устань, я правяду цябе. І ўстаў Саўл, і выйшлі абодва яны з дома, ён і Самуіл.Калі падыходзілі яны ў канец горада, Самуіл сказаў Саўлу: скажы слузе, каб ён пайшоў наперад нас, - і той пайшоў наперад; - а ты спыніся цяпер, і я адкрыю табе, што сказаў Бог.