Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.Плавільня - на срэбра, і гарніла - пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь.Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.Вянок старых - сыны сыноў, і словы дзяцей - бацькі іхнія.Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму - вусны ілжывыя.Хабар - каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.Хто прыкрывае правіну - шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.Пачатак свары - як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага - абодва агідныя Госпаду.Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня.Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.Калі нарадзіў хто немысьля - сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца.Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.Мудрасьць - перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага - на канцы зямлі.Неразумны сын - прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.