Біблія — гэта галоўная кніга на нашай зямлі ў XVI стагоддзі. На Бібліі ў многім грунтаваўся Статут Вялікага Княства Літоўскага, а рэдакцыя Статута 1588 г. нават пачыналася з біблійнай цытаты.
Брэсцкая Біблія робіць горад адметным у Беларусі і вядомым за мяжой.
У 1920-х гг. у Брэсце быў зроблены першы пераклад Новага Запавету і Псалмоў на сучасную беларускую мову. Гэты пераклад, які ажыццявілі Лукаш Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч, у ХХ ст. выдаваўся 4 разы — у 1931, 1948, 1985 і 1991 гадах. Усяго было выдадзена каля 50 000 асобнікаў. Гэта самы распаўсюджаны і адзін з самых дасканалых беларускіх перакладаў біблійных тэкстаў.
Для многіх сучасных брастаўчан Біблія з’яўляецца асновай жыцця. Яе чытаюць і шануюць у сем’ях. На помніку 1000-годдзя Брэста, устаноўленым у 2009 г., змешчана інфармацыя пра гэтую святую кнігу, без якой немагчыма ўявіць мінулае і сучаснае горада.