Брэсцкая, ці Радзівілаўская Біблія — першая сярод надрукаваных ў межах сённяшняй Беларусі. Яна выйшла 4 верасня 1563 года ў Берасцейскай друкарні па загаду і на грошы берасцейскага старасты, канцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Князь Радзівіл лічыў Біблію найвышэйшым аўтарытэтам і крыніцай праўды, паводле якой мусіць жыць грамадства. Пры ім Берасце стала сапраўдным рэфармацыйным цэнтрам.
Радзівілаўскую Біблію стварыла група перакладчыкаў з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. У Брэсцкай Бібліі ўпершыню пасля французскага перакладу Бібліі Рабэрта Стэфануса выкарыстаны падзел біблійнага тэксту на нумараваныя вершы.
Дакладны тыраж Брэсцкай Бібліі невядомы, але паводле розных дадзеных ацэньваецца ў 400-500 экземпляраў. Кошт выдання — 10.000 дукатаў! Верагоднымі друкарамі Брэсцкай Бібліі лічацца Бярнард Ваяводка альбо Цыпрыян Базылік.
Вялікая па памерах і вазе кніга мела гравіраваны тытульны аркуш. Тэкст суправаджаўся прыгожымі маляванымі першымі літарамі (ініцыяламі) і мноствам выяваў на біблійныя тэмы. Усяго Брэсцкая Біблія налічвала 738 старонак, на якіх тэкст дзяліўся ў дзве калонкі.
Радзівілаўская Біблія змяшчала ў сабе шэраг важных прадмоваў. Для зручнасці чытачоў яна ўтрымлівала табліцу з планам чытання біблійных тэкстаў на працягу года і прадметны паказальнік з індэксам больш чым 1400 біблійных назваў.
Вартасць Радзівілаўскай Бібліі падкрэслівае той факт, што яе тэксты неаднаразова перадрукоўваліся. Новы Запавет з яе перавыдаваўся ў Нясвіжы (1563 і 1568 гг.), Берасці (1566 г.), Вільні (1593 г.) і Нюрнбергу (1599 г.).